logotype

Калі не я, то хто ж…

На пасадцы дубоў у Брэсце

На Алеі памяці курсанта Дзмітрыя Гвішыяні ў Брэсце нядаўна пасадзілі дубы, прывезеныя з Грузіі. 

А ў зале “Нашчадкі Перамогі” новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны рыхтуецца экспазіцыя, прысвечаная герою нашых дзён.

Старшыня грузінскай суполкі “Мамулі” Картлас Каўтарадзе два тыдні рыхтаваў “мемарыяльнае падарожжа” ў Брэст. З Грузіі ў Мінск яму прыслалі два невялікія дубы. З кім везці іх у прыгранічны горад? Збіраў групу падтрымкі — студэнтаў-суайчыннікаў з мінскіх вну. І артысты ансамбля “Сонечная Грузія” рыхтавалі лепшыя танцавальныя нумары.

Справа ў тым, што супрацоўнікі грузінскага консульства прапанавалі ўшанаваць слаўнага сына Грузіі: сабраць землякоў, правесці мітынг памяці ў гонар курсанта Ваеннай акадэміі Беларусі Дзмітрыя Гвішыяні. Ён цаною жыцця ратаваў пасажыраў з цягніка Брэст-Мінск, што раптам загарэўся.

Картлас Андроевіч падключыўся да справы не толькі таму, што Дзмітрый па роду бацькі быў грузінам. Проста, кажа, сам па сабе такі подзіг варты ўшанавання. Амаль пятнаццаць гадоў мінула, як пад станцыяй Драгічын курсант Гвішыяні атрымаў жудасныя апёкі, калі дапамагаў тушыць цеплавоз пасажырскага цягніка. Боль ад той трагедыі нясуць у сэрцах бацькі, якія страцілі адзінага сына, родныя, сябры. Мы ж, спачуваючы ім, адчуваем і гордасць за тое, што сярод маладых людзей і ў наш час ёсць сапраўдныя героі. Дарэчы, подзвіг Дзімы пасмяротна адзначаны ордэнам “За асабістую мужнасць”.

Мітынг памяці праходзіў на Алеі Дзмітрыя Гвішыяні — гэта паміж яго родным домам і школай, якая носіць імя героя. “Здараецца, што месца подзвігу знаходзіцца і ў мірны час, — казаў Картлас Каўтарадзе. — Хай гэтыя дубы, што мы саджаем сёння, надоўга захоўваюць памяць пра Дзмітрыя Гвішыяні, чалавека, які, ахвяруючы сабой, ратаваў іншых. Хай назаўжды стануць напамінам пра яго мужнасць”.

Побач з грузінскімі гасцямі былі брэсцкія школьнікі, сябры і знаёмыя сям’і Дзмітрыя. З вачыма, поўнымі слёз, стаялі ў жалобе яго бацькі, Барыс і Марал Гвішыяні, стрыечная сястра Вераніка. Мужна, з вайсковай выпраўкай трымаўся Байкхал Мелікаў — дзядуля героя па лініі маці. Пра яго эмоцыі, што бушавалі ўнутры, казалі збянтэжаная ўсмешка і словы падзякі, якія ён шаптаў, казаў увесь час, як малітву. У позірку ж, калі глядзеў на партрэт унука, я ўбачыла вялікую любоў і гордасць. А боль прарваўся хіба ў словах “Як даўно я тут не быў” перад экспазіцыяй, прысвечанай Дзіме ў школьным Музеі баявой славы.

І Барыс Рыгоравіч усё расказваў, расказваў пра сына. Пералічваў, чым захапляўся, якім спортам займаўся. І як па прыкладзе дзеда, палкоўніка Рыгора Гвішыяні, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які затым служыў у Грузіі, Расіі, Беларусі, вырашыў стаць ваенным. Як гэта было важна для хлопца. Дарэчы, дзед Байкхал таксама быў ваенным. “Мы не выхоўвалі сына героем, — прызнаецца Барыс Гвішыяні, — вучылі толькі быць мужчынам, не праходзіць міма чужой бяды…” Ён і не прайшоў. Пад Драгічынам, калі ўбачыў, як дзве дзяўчыны-правадніцы цягнуць вогнетушыцель да ахопленага полымем цеплавоза, паспяшаўся ўзяць ношу на сябе. Ён зрабіў свой выбар, не ўхіліўся. А выбар такі не кожнаму па плячы. Адзін са знаёмых сям’і, па словах бацькі, прызнаўся, што, напэўна, не палез бы ў пекла. Розныя людзі не раз пыталіся ў Барыса Рыгоравіча: чаму ахвярны крок зрабіў менавіта іх сын? Ехаў жа з сябрамі ў 10-м вагоне, а вось апынуўся бліжэй за ўсіх да небяспекі. Прыкрываў пасажыраў, не рэагаваў на перасцярогу чыгуначнікаў, што можа ўзарвацца паліўны бак. У ваенным шпіталі, дзе герой пражыў яшчэ тры дні, сын казаў бацьку: “Калі не я, то хто ж пайшоў бы?” Бацькі Дзмітрыя шмат робяць па ўшанаванні памяці сына. Яго імем названа адна з вуліц у Мінску, родная яго 30-я школа ў Брэсце і алея побач з ёй. У школьным музеі створана вялікая экспазіцыя, прысвечаная герою-выпускніку. Асабістыя рэчы Дзімы бацькі перадалі ў Музей Вялікай Айчыннай вайны, у новым будынку якога рыхтуецца экспазіцыя “Нашчадкі Перамогі”.

Штогод праходзяць спартыўныя турніры памяці Дзмітрыя Гвішыяні: рэспубліканскія і міжнародныя спаборніцтвы па у-шу, вольнай барацьбе, валейболе, міні-футболе, грэблі. На кожным з іх імкнуцца быць бацькі Дзімы. “Сэнсам жыцця стала: не забыць, — гаворыць Барыс Рыгоравіч. — Хочацца, каб іншыя ведалі, якім быў сын”. Бацькі героя заснавалі спецыяльны прыз — Кубак бацькоў “За волю да перамогі” — для тых, хто не стаў пераможцам, аднак аддаў ёй усе сілы, праявіў сапраўдны характар.

Грузінская дэлегацыя пасля мітынгу, пасадкі дрэваў, наведвання школы пабывала і ў Брэсцкай крэпасці. Прызнаюся: пасля ўсяго, што пачула і пабачыла, надзвычай кранаў мяне і аповед экскурсавода пра подзвіг салдат-абаронцаў. Бо ў звычайным жыцці мы ж і не ўяўляем, што такое кроў, смерць, агонь. І што такое — знаходзіць у сабе сілы, каб і ў такіх умовах выстаяць. Увогуле ж чалавечы боль, пакуты, ахвяры не маюць тэрміну даўнасці: час нібы тонкай плёнкай прыкрывае раны. А тое покрыва нават ад аднаго слова, гука, прадмета можа прарвацца… Я бачыла, як вялікая, напоўненая эмоцыямі кампанія грузінскіх студэнтаў, дзяцей і моладзі з ансамбля “Сонечная Грузія” неяк прыціхла. І ўсе мы на нейкі момант быццам сталі бліжэй адзін да аднаго — перад тварам велізарнай, усенароднай трагедыі і бяды. Гэта такі душэўны стан, калі не мае значэння, якога роду, крыві ты ці тыя, хто побач з табой…

І ціхая сумная песня, якую спявалі артысты па дарозе назад, помніцца мне. Слоў не разумела, ды яна, пэўна ж, пра самае лепшае і высокае, што ёсць у нас, пакуль мы жывем і помнім.

Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

Источник: «Голас Радзімы»

Оставить комментарий